Зварот грамадскага аргкамітэту святкавання 1000-годдзя назвы Літва

Літва 1009-20092009 год значны вялікай гістарычнай датаю – 1000-годдзем першай згадкі ў пісьмовых крыніцах наймення Літва (у лацінскім запісе Litua). Яе фіксацыя ў еўрапейскіх Кведлінбургскіх аналах паўстала з трагічнай нагоды забойства яцвягамі вядомага прапаведніка, магдэбургскага каноніка і місійнага біскупа, святога апостала Прусіі – Бруна з Кверфурта (каля 970 – 14.02.1009).  Ён прагнуў хрысціянізаваць і люцічаў, і печанегаў, быў у Польшчы, Венгрыі, Кіеўскай Русі. Спроба пашырыць хрысціянства сярод прусаў і яцвягаў скончылася забойствам яцвягамі святога Бруна і яго 18 спадарожнікаў. Загінулі яны ад рук паганцаў на мяжы Літвы і Русі 14 лютага 1009 г. Пасля апостал Бруна быў абвешчаны святым і яго ўспамін адзначаецца 15 верасня.

У нашай краіне ў 2008 г. быў створаны грамадскі арганізацыйны камітэт святкавання 1000-годдзя назвы Літва “Міленіум Літвы”, у які ўвайшлі доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч (старшыня), мастак Мікола Купава (намеснік), доктар Алесь Краўцэвіч, краязнавец Леанід Акаловіч, філолаг-даследчык Алесь Жлутка, краязнавец і даследчык Здзіслаў Сіцька, гісторык-археолаг Эдуард Зайкоўскі, пісьменніца Вольга Іпатава, старшыня міжнароднага аб’яднання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, мастак Аляксей Марачкін і іншыя.

Аргкамітэт “Міленіум Літвы” зыходзячы з даследванняў, якія сцвярджаюць, што найменне Літва адносіцца да старажытнай тэрыторыі Беларусі, прыкладае намаганні для далейшага вывучэння гісторыі Літвы. Сённяшнія беларусы аж да пачатку ХХ стагоддзя называлі сябе ліцвінамі. Тэрміны Беларусь і беларусы навязаны нам расійскай адміністрацыяй у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Беларусь з’яўляецца адной з пераемніц Вялікага Княства Літоўскага. Нашыя землі ў ВКЛ складалі яго большую, асноўную частку. Менавіта на нашых землях і паўстала вялікая дзяржава ВКЛ, аб’яднаўшы ў XV  стагоддзі ранейшыя асобныя княствы-землі: Наваградскае, Полацкае, Смаленскае, Турава-Пінскае, Гарадзенскае і інш.

У этнагенэзе ліцвіноў-беларусаў удзельнічалі славянскія і балцкія плямёны: полацкія, пскоўскія, смаленскія крывічы, радзімічы, севяране, дрыгавічы, частка палескіх валынянаў, падляскія яцвягі, п(а)русы з Прусіі, дайнава і племя Літва. Урэшце з пляменных назваў перамагла назва Літва, даўшы сваё імя аб’яднанай і цэнтралізаванай дзяржаве – Вялікаму Княству Літоўскаму, дзе ліцвіны-беларусы тэрытарыяльна і колькасна складалі большасць, наша культура была дамінуючай, а наша мова мела статус дзяржаўнай. На ёй былі напісаны многія літоўскія летапісы, ўсе Літоўскія Статуты (канстытуцыі) 1528, 1566 і 1588 гг., на ёй вялося справаводства ў канцылярыі ВКЛ – Літоўская Метрыка, каралеўскія, вялікакняскія і прыватныя адміністрацыйныя і судовыя акты. На беларускай мове XVI ст. вялося справаводства ў паветах і гарадах, у тым ліку на тэрыторыі Жамойці (аж да Балтыйскага мора).

Менавіта ў першай сталіцы ВКЛ – Наваградку каранаваўся на караля наш першы кароль – Міндоўг. Назвы вёсак і мястэчак: Літва, Ліцвіны, Ліцвяны, Ліцвянцы, Літоўка, Літавец, Літоўчыкі, Літоўск, Літоўшчына, Літоўцы, Ліцвічы, Ліцвін, Ліцвінава, Ліцвінкі, Ліцвінчычы, Ліцвінаўка, Ліцвякі і інш. рассеяны па ўсёй тэрыторыі сённяшняй Беларусі і там, дзе калісці даходзілі межы ВКЛ. Нярэдкімі з’яўляюцца і беларускія прозьвішчы з коранем Ліцьвін, Літвін, Літовец і г.д.

Аргамітэт падрыхтоўкі святкавання “Міленум Літвы” правёў шэраг мерапрыемстваў у Літве-Беларусі ў 2009 годзе. Найважнейшымі зь іх сталі навуковая канфэрэнцыя (чэрвень 2009 г.) і выстава мастацкіх твораў пад аднайменнай назвай “Міленіум Літвы” (кастрычнік 2009 г.). Выстава сабрала каля 2000 працаў, а канфэрэнцыйная заля Бібліятэкі НАН Беларусі імя Я.Купалы не змагла зьмясьціць усіх жадаючых. У чэрвені 2009 г. была ажыццёўлена вандроўка па мясцінах звязаных сваёй назвай з найменнем Літва.

Аргкамітэт запрашае навукоўцаў, творчыя калектывы і асобных творцаў прыняць актыўны ўдзел у далейшым святкаванні Міленіуму.

Квэдлінбурскі Летапіс

Квэдлінбурскі Летапіс


Sanctus Bruno qui cognominatur Bonifacius archepiscopus et monachus XI. suae conuersionis anno in confinio Rusciae et Lituae a paganis capite plexus cum suis XVIII, VII. Id. Martij petyt coelas.


Святы Бруна, які называецца Баніфацый, архіепіскап і манах, у 11-ты год свайго навяртання, на мяжы Русі і Літвы быў пазбаўлены паганцамі галавы разам з 18-цю яго (паплечнікамі), адыйшоў да Бога ў 7-мы дзень мартаўскіх (сакавіцкіх) ідаў.

Апытанне

Ці хацелі б Вы паехаць на святкаванні на Грунвальдскае поле ў гэтым годзе?:
Брашура «Стаць Літвінам і быць ім» Газета «Літва»
Millenium Litwy on Twitter Keyboard Lithuaniae 1009-2009
 

Адрас: п/с 26, 220050, г.Мінск, Рэспубліка Беларусь
e-mail:
mail@milleniumlitwy.org
Тэл.:
+375 29 352 60 10; +375 29 306 33 17; +375 29 551 32 36