Брашура «Стаць Літвінам і быць ім»

Стаць Літвінам і быць ім: развагі да перапісу 2009 г., А.Стральцоў-Карвацкі; Меньск-Літоўскі, 2008. - 24 с.
У дзяржаўным сэнсе найменьне Літва здаўна адносіцца таксама і да тэрыторыі Беларусі. Вялікая колькасьць сёньняшніх беларусаў, пераважна на захадзе Краю, але і ня толькі, аж да пачатку ХХ стагодзьдзя называлі сябе Літвінамі. Тэрміны Беларусь і Беларусы навязаны нашаму Краю расейскай адміністрацыяй у пачатку ХІХ стагодзьдзя. Беларусь зьяўляецца адной з пераемніц Вялікага Княства Літоўскага. На нашых землях паўстала вялікая дзяржава ВКЛ, аб’яднаўшы ў XV стагоддзі раней асобныя княствы-землі: Наваградзкае, Полацкае, Смаленскае, Турава-Пінскае, Гарадзенскае і інш.
У этнагэнэзе Беларусаў-Літвіноў удзельнічалі славянскія і балцкія плямёны: полацкія, пскоўскія, смаленскія крывічы, тураўскія дрыгавічы, частка палескіх валынянаў, падляскія яцвягі, прусы з Прусіі, дайнава і ўрэшце племя Літва. З пляменных назваў перамагла назва Літва, даўшы сваё імя аб’яднанай і цэнтралізаванай дзяржаве – Вялікаму Княству Літоўскаму, дзе наша мова мела статус дзяржаўнай. На ёй былі напісаны ўсе Літоўскія Статуты (канстытуцыі) 1528, 1566 і 1588 гг., на ёй вялася канцылярыя ВКЛ – Літоўская Мэтрыка, каралеўскія, вялікакняскія і прыватныя адміністрацыйныя і судовыя акты.
Менавіта ў адной з першых сталіц ВКЛ – Наваградку каранаваўся на караля першы кароль Літвы – Міндоўг. Назвы вёсак і мястэчак: Літва, Літвіны, Літвяны, Літвянцы, Літоўка, Літавец, Літоўчыкі, Літоўск, Літоўшчына, Літоўцы, Літвічы, Літвін, Літвінава, Літвінкі, Літвінчычы, Літвінаўка, Літвякі і інш. рассеяны па ўсёй тэрыторыі сённяшняй Беларусі і там, дзе калісьці даходзілі межы ВКЛ.



